"ЖАЛЕЗНЫЯ БРАТЫ"
1x1

Як вы ўяўляеце сабе "галоўнага байкера Беларусi"? Напружцеся. Не аб знешнасцi зараз гаворка. Адукацыя. Кругагляд. Iнтарэсы. Расслабцеся: што б вы сабе нi нафантазiравалi, усё роўна будзеце далёкiмi ад iсцiны... Нiколi не лiчыла галiвудскiя фiльмы ўзорам добрага густу, у першую чаргу за iх банальнасць i штампы. Дзеля аб'ектыўнасцi трэба адзначыць, што апошнiм часам i ў ЗША намецiлася станоўчая тэндэнцыя да iнтэлектуальнага кiно, аднак гэта кропля ў моры прадукцыi cinema-studios. Найбольшай папулярнасцю i ў iх, i ў нас да гэтага часу карыстаюцца баевiкi-action, дзе станоўчы герой-адзiночка змагаецца са зграяй "дрэнных хлопцаў". Зразумела, перамагае. А ў перапынках памiж подзвiгамi паспявае кахаць якую-небудзь даўганогую бландзiнку. Ва ўсiм вiдовiшчы, незалежна ад прозвiшчаў акцёраў i месца дзеяння, мяне заўсёды выводзiла з душэўнай раўнавагi тое, што пэўныя добрыя рэчы сталi ўспрымацца неад'емнымi атрыбутамi bad-boys. Што нi злодзей - то адразу ў скуры i з банданай. Кiлеры, зладзеi, гвалтаўнiкi, наркаманы, нават ведзьмакi зашпiляць "маланку" на "касусе", асядлаюць "байк" i - наперад, вяршыць свае чорныя справы. Маё абурэнне ў такiя моманты было проста бязмежным. Ну чаму адразу дрэнь, а не высакародны рыцар на жалезным канi?

Валерый Буткевiч

Хто ёсць хто

Байкер - слова запазычанае, у перакладзе азначае матацыклiст, аднак, мае больш глыбокi сэнс i пэўнае фiласофскае напаўненне. Усiх, каго людзi недасведчаныя называюць байкерамi, можна падзялiць на тры плынi. Першую складаюць крымiнальныя элементы. Менавiта яны i сапсавалi сапраўдным байкерам рэпутацыю. Наркотыкi, кантроль прастытуцыi, гандаль зброяй - увесь стандартны набор галiвудскiх фiльмаў, перанесены ў жыццё, - гэта iх бiзнес. Такiх пачвар, знешне падобных на сапраўдных "жалезных рыцараў", адрознiвае "начынне", у iх адсутнiчае той маральны стрыжань, без якога нельга быць байкерам.

Прадстаўнiкi другой плынi не з'яўляюцца душагубамi i амаральнымi асобамi. Яны маюць такiя ж "байкi" i "прыкiд", як i сапраўдныя байкеры, але да апошнiх усё роўна дачынення не маюць. Яны - рабы моды i не больш таго. Iх можна назваць уладальнiкамi дарагiх матацыклаў, але не байкерамi.

Усяго вышэйпералiчанага ўжо дастаткова для таго, каб скласцi пэўнае ўяўленне пра сапраўдных "рыцараў дарог". Мы пакуль выкарысталi апiсанне-адмаўленне: байкер - гэта не... А хто ж ён такi - сапраўдны байкер? Здымi на час свой шлем, рыцар.

Дасье на прэзiдэнта

"Где мужчины в металле? Где характер орла и поступь тигра? Измельчала порода..." - гучыць у маiм плэеры голас Валерыя Кiпелава. Iду на дзелавую сустрэчу, а думкi ўсё круцяцца вакол гэтых радкоў. "Вельмi жыццёвае пытанне", - вырашыла я, яшчэ не ведаючы, што праз паўгадзiны буду мець на яго адказ. "Дзе?" - "У байкераў!". Дакладней, у "Жалезных братоў". Але ўсё па парадку.

Як вы ўяўляеце сабе "галоўнага байкера Беларусi"? Напружцеся. Не аб знешнасцi зараз гаворка. Адукацыя. Кругагляд. Iнтарэсы. Расслабцеся: што б вы сабе нi нафантазiравалi, усё роўна будзеце далёкiмi ад iсцiны.

Для тых, хто яшчэ не ведае прэзiдэнта мiнскага мотаклуба "Жалезныя браты" Валерыя Буткевiча, маленькае дасье на яго.

Нарадзiўся 12 кастрычнiка 1971 года ў Мiнску. Скончыў спецшколу N 24 (зараз лiнгвiстычны лiцэй) i Вышэйшае каманднае вучылiшча МУС СССР у Новасiбiрску (з чырвоным дыпломам). Пабываў у "гарачых кропках" таго часу - Фергане, Сухумi, Карабаху. Служыў у ваеннай часцi спецпрызначэння. Вярнуўся ў Мiнск, пачаў працаваць ва Упраўленнi крымiнальнага вышуку. Паступiў у Акадэмiю МУС. Зараз з'яўляецца ад'юнктам (тое ж самае, што аспiрант), пiша кандыдацкую дысертацыю.

Сярод захапленняў маёра мiлiцыi Валерыя Буткевiча - вольная барацьба, картынг, падводнае паляванне, цяжкая атлетыка, верхавая язда. За плячыма - курсы масажыстаў, школа дайвераў i школа суднаходства.

Валерый мала курыць i зусiм не п'е спiртнога (!). Страсць да матацыклаў прачнулася ў iм у дзяцiнстве, яшчэ хлопчыкам ён ганяў на дзедавым К.750. Набыўшы першы "салiдны" свой "байк" ("Honda Magna" ў 88 конскiх сiл), пачаў шукаць падобных на сябе. Знайшоў. Сярод iх - вядомыя кожнаму байкеры Хэнк (ён жа Дзiма), Аляксандр Канякоўскi i iншыя. З цягам часу жменька аднадумцаў разрасталася ў "Беларускую асацыяцыю матацыклiстаў".

У лютым 99-га адбылося першае буйное вiдовiшча з удзелам байкераў. Яны выступiлi з праграмай у "Макс-шоу" ў рамках правядзення "Тату-шоу". На той час ужо з'явiлiся людзi, якiя стваралi спецыяльную вопратку i абутак для байкераў, - Андрэй Куцюр'е i Раман Iвановiч. Вiдовiшча адбылося запамiнальным, байкераў пачалi запрашаць "Pall Mall", "Рэактар", "Шайба", "West World Club" i iншыя клубы сталiцы.

Пабывалi нашы "рыцары дарог" i за мяжой: на байкераўскiх злётах у Маскве, Варшаве, Прыбалтыцы i г.д.

Неэлiтны клуб

У любым калектыве ёсць найбольш iнiцыятыўныя, так званыя людзi-пасiянарыi. Былi такiя i сярод байкераў. Яны i ўтварылi нефармальнае аб'яднанне, якое потым стала мiнскiм мотаклубам "Жалезныя браты". Туды ўваходзяць тыя, для каго байкерства не проста iмiдж i нават не стыль жыцця, а цэлая фiласофiя. Не трэба толькi ўспрымаць iх, як фанатаў, што стварылi сабе культ матацыкла i больш нi на што не звяртаюць увагi. "Жалезныя браты" - гэта група маладых мужчын (сярэднi ўзрост - 30 гадоў), у якiх, як кажуць, i галава, i рукi на месцы. У кожнага - свой бiзнес, часта звязаны з матацыкламi. Яны самi збiраюць i рамантуюць сваiх "коней", дапамагаюць у гэтым усiм, хто да iх звяртаецца.

Самi "браты" свой клуб элiтным не лiчаць, хоць стаць яго членам зусiм няпроста. I справа не столькi ў грошах (уступны ўзнос складае 400 долараў, штоквартальны - 125), а ў адпавяданнi кандыдата пэўным маральным патрабаванням клуба. Усе "браты" i дзве "сястры" ўтвараюць моцна зладжаны калектыў (сям'ю), дзе адзiн заўсёды можа спадзявацца на дапамогу ўсiх астатнiх. Сябар клуба павiнен садзейнiчаць распаўсюджванню байкерскага руху, удзельнiчаць у масавых рэкламна-прапагандысцкiх акцыях (шоу, лекцыi).

Мотаклуб скiраваны на "цяжкiя" матацыклы (аб'ём рухавiка больш за 750 кубiчных сантыметраў), але гэта не прынцыпова.

Галоўная задача "Жалезных братоў" - павелiчэнне колькасцi матацыклiстаў у рэспублiцы. Таму грошы ад узносаў iдуць на прапаганду i асвету прынцыпаў байкерства. Частка iх, напрыклад, iдзе на прызы пераможцам конкурсу ў штотыднёвай радыёперадачы Валерыя Буткевiча (!) "Байк шоу". (Радыё "Рокс" 22.30 кожную суботу). Усе сябры клуба маюць права на ваджэнне i тэхаглядавы талон. Не садзяцца за руль у нецвярозым стане i пазбягаюць ДТЗ. Сяброўства могуць пазбавiць за непрыстойныя паводзiны, п'янства i крымiнальнае злачынства.

Не ўсе тыя байкеры, хто ў скуры

Пакуль мы размаўлялi, Валерый паралельна займаўся афармленнем вiншавальных паштовак, у тым лiку i для... работнiкаў ДАI. Тэкст заканчваўся фразай: "Спадзяёмся, што ў новым годзе сумеснымi намаганнямi мы здолеем дамагчыся поспехаў у справе гарантавання бяспекi дарожнага руху на нашых вулiцах".

- Нас часта блытаюць з рокерамi, - тлумачыць Валерый, - а многiя дык i рознiцы не ведаюць. Калi ў скуры i на матацыкле, значыць, байкер. У людзей пра нас склалася стэрэатыпнае ўяўленне: зграя хулiганаў, якiя не паважаюць агульнапрынятыя нормы паводзiн i пужаюць мiрных грамадзян. Мы робiм усе намаганнi, каб гэты стэрэатып зламаць. Тыя работнiкi ДАI, што патрулююць на дарогах, ужо добра нас ведаюць i адносяцца да байкераў станоўча. Цяпер трэба пераканаць у нашых добрых намерах iх кiраўнiцтва. Для пачатку мы высылаем iм вiншаваннi са святамi - хай убачаць, што мы сур'ёзныя цывiлiзаваныя людзi.

Адзенне са скуры прыгожае i ўтульнае. Сёння ў скуру апранаюцца многiя. У кожнага клуба свае колеры i сiмволiка. Каб неяк вылучацца, мы прыдумалi нашыўкi са сваёй эмблемай. Кожны, хто яе ведае, адразу вылучыць нашых "братоў" у моры скуры, бандан i матацыклаў.

З простага мотаклуба мы перараслi ўжо ў Беларускае грамадскае аб'яднанне матацыклiстаў "Жалезныя браты". Рэгiстрацыя адбылася ў сярэдзiне студзеня. Iдэя засталася той жа, паказаць, што байкерства - гэта прыгожа i цiкава. Адцягнуць моладзь ад наркотыкаў, алкаголю i хулiганства, зарыентаваўшы яе на матацыклы.

Пакуль што мы адзiная байкерская суполка на ўсю Беларусь. Ёсць, праўда, адзiн Дзiма (Барада), вакол якога гуртуецца моладзь на "Явах". 16-18-гадовыя матацыклiсты пакуль не ў стане набыць сабе дарагi "байк", але, думаю, у будучым многiя з iх папоўняць рады "Жалезных братоў".

У нас шмат планаў i, спадзяюся, мы iх рэалiзуем. У пачатку студзеня адкрыўся наш сайт у Iнтэрнеце. У будучым плануем арганiзаваць моташколу, дзiцячую школу i шмат чаго iншага.

Вярталася з iнтэрв'ю ў прыўзнятым настроi. Зноў "Арыя" ў маiм плэеры. Тая ж самая песня, толькi прыпеў куды больш аптымiстычны: "Дай жару, чтобы знали! Дай жару! Чтобы знали, как делать дело, пока не заржавело!". Гэта якраз пра iх - байкераў. Яны ўмеюць i даць жару, i рабiць справу. (Цi то бiзнес, адпачынак цi прапаганда мотаруху). I ў iх дакладна не заржавее - нi чалавек, нi iдэя, нi матацыкл.